НАРО́ДНЫЯ УНІВЕРСІТЭ́ТЫ,

агульнадаступныя грамадскія культ.-асв. навуч. ўстановы; адна з форм самаадукацыі. Першым Н.у. у Расіі былі Маскоўскія Прачысценскія вячэрнія агульнаадук. курсы (з 1897). У 1909 большасць Н.у. закрыта, іх дзейнасць адноўлена пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Першыя Ну. на Беларусі створаны ў Бабруйску і Віцебску. Ва ун-тах вывучаліся сацыялогія, гісторыя культуры і эканам. навук, статыстыка, гісторыя Расіі і ўсеагульная гісторыя, рус. і сусв. л-ра, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, аграномія і інш. З канца 1950-х г. ствараліся Н.у. для павышэння ўзроўню адукацыі працоўных. Іх разнавіднасцю былі Н.у. культуры, пед., мед., с.-г., прававыя, грамадска-паліт., прыродазнаўчыя, навукова-тэхн. і эканам. ведаў, фіз. культуры і інш. Мелі адзін або некалькі ф-таў, тэрмін навучання 1—4 гады. Існавалі яны на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры, клубах, б-ках, ВНУ, на прадпрыемствах і інш.

Літ.:

Дубровина Л.В. Народные университеты. М., 1963.

А.Вараб’ёў.

т. 11, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)